21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы. У Кадзінская школе свята прайшло асабліва цікава: сваю дапамогу школе прапанавалі спонсары – людзі з адкрытага акцыянернага таварыства “Прыгожае рашэнне”, нераўнадушныя да роднай мовы. Вялікі дзякуй хочацца сказаць у прыватнасці аднаму з яго кіраўнікоў Дымкову С.А., які прадаставіў салодкія падарункі ў якасці заахвочвальных узнагарод для пераможцаў у мерапрыемствах.
Асаблівую ўрачыстасць гэтаму дню надавала і ўбранне школы. З’явіліся самыя разнастайныя плакаты, малюнкі розных прадметаў з надпісамі на рускай і беларускай мовах, якія папулярызуюць родную мову: “Смак роднай мовы”, “Апранаемся па- беларуску”, “Птушкі па-беларуску”, “Прыгажосць роднага слова”, “Рэцэпты страў на беларускай мове”, выказванні пра мову “Мае першае слова на роднай мове” і інш. Роднае слова ў гэты дзень гучала з вуснаў вучняў: і настаўнікаў паўсюль: у школьных калідорах, у сталоўцы, на спартыўных пляцоўках.
Свята пачалося з самай раніцы. Вучні-старшакласнікі, некаторыя настаўнікі і нават бацькі пажадалі прыняць удзел у напісанні адзінай дыктоўкі па беларускай мове. Тэкст дыктоўкі быў узяты з твора Міхася Стральцова, які нарадзіўся ў гэтым месяцы і з’яўляецца нашым земляком, ураджэнцам Слаўгарадскага раёна. Пераможцай стала вучаніца 10 класа Высоцкая Паліна, якая напісала дыктант на 10 балаў, не дапусціўшы ніводнай памылкі, за што і атрымала падарунак ад спонсараў і прызнанне вучняў.
Другім значным мерапрыемствам гэтага дня стаў конкурс чытальнікаў “Мова любая мая”, у якім прынялі ўдзел 15 вучняў з розных класаў. Удзельнікі конкурсу самастоўна падбіралі вершы беларускіх паэтаў як класікаў нацыянальнай літаратуры, так і сучасных аўтараў.
Усе чытальнікі выступілі дастойна, і па рашэнні журы, кожны канкурсант быў адзначаны дыпломам 1-й, 2-й ці 3-й ступені, а таксама атрымаў падарунак ад спонсара.
Варта сказаць, што конкурс чытальнікаў у школе праводзіцца кожны год і звычайна бывае тэматычным: “Самае галоўнае ў жыцці”, прысвечаны творчасці беларускага байкапісца Кандрата Крапівы, “Незагойнаю ранай мне Чарнобыль гарыць”, “Вершы, апаленыя вайной” і інш.
Вучні нашай школы вельмі таленавітыя, а дапамагаюць выявіць, а потым і развіваць адоранасць дзяцей, безумоўна, цудоўныя педагогі. А такіх у Кадзінскай школе шмат!