Гартаючы сямейны альбом
Ці ведаеце вы, дзе захоўваецца гісторыя сям’і? Безумоўна, у сямейным альбоме. У маёй бабулі іх пяць.Такія альбомы – гэта цэлая гісторыя, у якой адлюстравана жыццё некалькіх пакаленняў.
Часам, асабліва ў дрэннае надвор’е, калі нельга пагуляць на вуліцы, я дастаю з кніжнай шафы сапраўдныя рэліквіі нашай сям’і – альбомы з фотаздымкамі і каторы раз прашу любімую бабулю расказаць пра дзядуль і бабуль, якіх я, на жаль, ніколі жывымі не бачыў.
з фотаздымка, у вайсковай форме, на мяне пазірае мой прадзед. Прыгожы твар, удумлівыя, ясныя вочы з нейкай дзіўнай загадкавай іскрынкай. Бабуля гаворыла, што яе бацька не даў магчымасці сваім родным і блізкім ганарыцца ім пры жыцці: ніколі і нічога не расказваў пра вайну. Між тым мой прадзядуля – чырвонаармеец Калеснікаў Іван Ціханавіч – здзейсніў подзвіг.
10 кастрычніка 1945 года баец Калеснікаў узначаліў групу па разведцы дарог у раёне нямецкага горада Кенігсберг. Падчас разведкі дзядуля ўстанавіў, што праціўнік, адыходзячы, замініраваў дарогу супрацьтанкавымі мінамі. Гэта затрымлівала рух нашых танкаў. Пад моцным кулямётным агнём праціўніка чырвонаармеец Калеснікаў са сваёй групай зрабіў праходы на мінным полі і прапусціў нашы наступальныя часці.
За гэты подзвіг мой прадзед быў удастоены высокай узнагароды: на яго грудзях зазіхацеў ордэн “Чырвоная зорка”. На жаль, апісанне подзвігу было знойдзена ў архіве толькі праз 65 гадоў пасля заканчэння вайны, але сэрца мне падказвала ўжо даўно, што Іван Ціханавіч – герой! Я раскажу пра яго сваім дзецям, дзеці – унукам, памяць павінна жыць!
Мы, маладое пакаленне, пра вайну ведаем вельмі мала, ведаем толькі тое, што апавядаюць нам дарослыя, ці тое, што бачым у фільмах, чытаем у кнігах.
Прайшло 75 гадоў… Не ведаю пакуль што многа гэта ці мала. Здаецца вельмі многа, бо за гэтыя гады адбылося столькі падзей у нашай сям’і…Вялікай стала сям’я Калеснікавых: гэта дзеці, нявесткі, зяці, сем унукаў, пяць праўнукаў.
Я ўспамінаю, як аднойчы мне пашчасціла пабываць на лініі Сталіна, дзе паказвалі рэканструкцыю танкавага бою. Глядзець на гэты бой было цікава, а як жа было маладым хлапчукам там, на вайне?! Цікава? Нават уявіць страшна, як жылося ім у ваенны час?! А нам усё нечага не хапае!
Я ўпэўнены, што нам трэба вучыцца цаніць мірнае неба над галавой і спакой, які доўжыцца на зямлі ўжо 75 гадоў; цаніць тое шчаслівае жыццё, якое заваявалі нам нашы продкі, і ў тым ліку мой прадзядуля, пра подзвіг якога я даведаўся, дзякуючы сямейнаму альбому і трапяткім успамінам маёй бабулі.
Палякоў Даніла Аляксандравіч, 10 клас
раскрыть » / « свернуть